ПЕРАДПУХЛІ́ННЫЯ ЗАХВО́РВАННІ,

перадпухлінныя станы, паталагічныя працэсы і хваробы, якія папярэднічаюць развіццю рака. Падзяляюць на 2 групы: аблігатныя і факультатыўныя. Аблігатныя (пігментная ксерадэрма, прыроджаны паліпоз тоўстай кішкі) абавязкова з цягам часу пераходзяць у рак. Умоўна да аблігатных П.з. адносяць нейрафібраматоз, які таксама пераходзіць у злаякасную пухліну — нейрафібрасаркому. Факультатыўныя П.з. (захворванні з гіперпластычнымі і дыспластычнымі працэсамі, прыроджаныя парушэнні структуры тканак) не абавязкова пераходзяць у ракавую пухліну. Многія органы могуць мець факультатыўныя П.з., напр., страўнік — хранічную язву, атрафічны гастрыт, залозісты паліп; малочная залоза — фібраадэному, кістозна-фіброзную мастапатыю; печань — цырозы і інш.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)